Дзяржэнерганагляд нагадвае: "Забаронена лоўля рыбы паблізу ліній электраперадачы!"
07.05.2021І лоўля рыбы можа быць небяспечная!
Пры ажыццяўленні рыбнай лоўлі варта выконваць не толькі Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, але і прадпрымаць неабходныя меры засцярогі. Падыходзячы да паветраных ліній электраперадач любога напружання неабходна пераканацца, што на шляху няма правіслых і абарваных правадоў. Пры іх выяўленні варта арганізаваць ахову месца пашкоджання, усiх папярэдзiць пра небяспеку набліжэння і неадкладна паведаміць аб выяўленні пашкоджання ў энэргаслужбу прадпрыемства або дыспетчару электрасетак. Электратраўматызм найбольш небяспечны сваімі наступствамі і часцяком прыводзіць да смяротных і цяжкіх зыходаў. Чалавек адчувае ўздзеянне электрычнага току ў той момант, калі прадухіліць паражэнне электрычным токам аказваецца практычна немагчымым.
Асабліва небяспечная рыбалка зблізку ЛЭП ва ўмовах навальніцы, пры гэтым вудзільна можа спрацаваць як маланкаадвод.
На жаль, няшчасныя выпадкі на рыбалцы, звязаныя з паражэннем электрычным токам, працягваюць адбывацца.
Так, на тэрыторыі Мінскай вобласці ў 2020 годзе адбылося два няшчасныя выпадкі з рыбакамі:
- 06.04.2020 у Уздзенскім раёне пры спробе ўздыму да правадоў ВЛ 10 кВ за блешняй, якая зачапілася за драты, рыбак загінуў.
- 12.06.2020 у Слуцкім раёне, пацярпелы разам з сябрам вяртаўся з рыбалкі ў напрамку машыны з раскладзеным вудзільнам. Машына знаходзілася на краі дамбы ў ахоўнай зоне ВЛ 110 кВ. Пры спробе скласці вудзільна пацярпелы закрануў правады ВЛ і быў смяротна паражоны электратокам.
З пачатку 2021 года адбыўся няшчасны выпадак з вучнем 11-га класа:
- 22.04.2021 паблізу н.п. Хадасы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці падлетак пры змене месца рыбнай лоўлі ішоў па беразе возера з раскладзенай вудай пры перамяшчэнні праз параснік, паблізу пралёта апор ВЛ-110 кВ, падняў вуду, каб не заблытаць леску, і наблізіўся вудзільнам на недапушчальную адлегласць да ніжняга провада ВЛ-110 кВ, у выніку чаго трапіў пад дзеянне электрычнага току і атрымаў моцныя апёкі цела.
Дзяржэнерганагляд яшчэ раз заклікае аматараў рыбнай лоўлі не быць бестурботнымі, выконваць патрабаванні папераджальных і забараняльных плакатаў, не рабіць лоўлю рыбы паблізу паветраных ліній электраперадачы!
Памятаеце, вас чакаюць дома!