“Хроніка Быхаўца”.
Пра князя Скірмонта, пра цара заволжскага Балаклая.
Скірмонт княжыў у Навагародку. І князь Мсціслаў луцкі і пінскі пачаў барацьбу з князем Скірмонтам, хочучы выгнаць яго з бацькаўшчыны ягонае, з Берасця, Мельніка, Горадня і з Навагародка...
Быў ў той час цар заволжскі на імя Балаклай. І прыслаў ён паслоў сваіх да вялікага князя Скірмонта, каб яму даніну даваў і баскакаў ягоных хаваў па тых гарадох, бо з тых гарадоў за часам продкаў ягоных на князёў рускіх хадзіў. Але князь вялікі Скірмонт паддацца таму не хацеў, і загадаў насы ды губы паслам Балаклаевым паадрэзваць, і потым да Балаклая іх адпусціў. А той цар налета, сабраўшыся з многімі сіламі і ордамі татарскімі, пайшоў на Рускую зямлю і многа зла ўчыніў у Рускай зямлі.
І князь вялікі Скірмонт, сабраўшы ўсе войскі свае, спаткаў яго на мяжы сваёй, у Койданаве, і паразіў таго цара, і ўсю яго моц татарскую пабіў,і самога цара забіў, і з перамогаю вялікаю пайшоў на Рускую зямлю, і ўзяў гарады Мазыр, Чарнігаў, Старадуб, Карачоў, і звыцяжства атрымаўшы, цэлым вярнуўся назад.
1 Вытрымка з хронікі сведчыць пра тое, што Скірмонт княжыў ў Навагародку і сустрэў татар на мяжы сваіх ўладанняў. Там і адбылася бітва.
Аб сапраўднасці бітвы каля Крутагор’я і цяпер спрачаюцца. Але ж нам цікава перш за ўсё тое, што па зместу хронікі відавочна, што наша вёска знаходзілася на тэрыторыі князя Скірмонта. Цэнтр княжацкіх ўладанняў быў ў Навагародку, а сустрэў Скірмонт татар на мяжы сваіх ўладанняў (Крутагор’е). Наша вёска знаходзіцца паміж гэтымі населенымі пунтктамі.
Паданне сведчыць, што імя пераможанага татарскага хана дало гораду назву. Гэта не здзіўляе многіх. Тым больш верагодна, што нейкі населены пункт атрымаў назву ад імя пераможцы і вызваліцеля нашых зямель легендарнага князя Скірмонта. Хай ён будзе і не рэальным гістарычным дзеячам, а міфалагічным. Тым больш, што ў памяці народнай засталося паданне аб князю Скірмонце. (Глядзі тут)
Сапраўднасць многіх падзей хронік аспрэчваецца сучаснымі гісторыкамі. Кажуць, яны былі напісаны праз некалькі стагоддзяў пасля тых падзей, аб якіх яны паведамляюць. Мэтай тых, хто складаў гэтыя хронікі, было абгрунтаванне законнасці валодання гэтымі землямі літоўскімі князямі.
Але ж калі вы паглядзіце, на карту набегаў татар і тэрыторый, якія не плацілі даніну (выдзелена ружовым), то не можа не здзівіць тое, што татары абыходзілі нашы землі.
Гэта дзіўна, таму што наш край не адгароджаны ні морам, ні высокімі гарамі, якія б перашкаджалі варожым нападам. Не былі перашкодай балоты і рэкі, бо мангола-татары часта рабілі набегі зімовай парой, калі мароз надзейна пакрывае вадаёмы ільдом, ператвараючы рэкі ў транспартныя магістралі. Рускія княствы працяглы час плацілі даніну Залатой Ардзе, акрамя тых земель, якія выдзелены на карце. А гэта землі Полацкага і Віцебскага княства. На думку татар, павінныя плаціць ім даніну. Тое самае яны прапанавалі і ў “Хроніцы Быхаўца” наваградскаму князю. Сцвярджэнні пра тое, што татарам проста не патрэбны былі лясныя прасторы нашай Радзімы здаюцца непераканаўчымі, больш за тое, далей мы будзем разглядаць, што праз нашу тэрыторыю праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, і кантроль над імі быў стратэгічна важным для ўсіх. А за гэта заўсёды вялася крывавая барацьба. Але відавочна, што стрымаць татар магла толькі сіла і ўзброены адпор. Таму слушныя думкі, што татары былі разбіты каля Крутагор’я, і гэта бітва была сапраўдная, а не міфічная. (Глядзі тут )
Наступнае пытанне, якое трэба высветліць- А хто яны такія гэтыя князі літоўскія, у тым ліку і легендарны Скірмонт? Што азначае гэта імя? (глядзі тут)
Адкуль яны прыйшлі? Некаторыя беларускія гісторыкі лічаць, што так званыя літоўскія князі былі мясцовага паходжання. Такую тэорыю высоўвае, напрыклад, Мікола Ермаловіч. Сучасныя літоўцы лічаць гэтых князёў выключна сваімі і не прызнаюць беларускіх прэтэнзій. Мы ж лічым найбольш верагодным варажскае паходжанне літоўскіх князёў. Гіпотэза спрэчная, таму тлумачэнні будуць больш падрабязнымі. (глядзі тут)
Егоров В.Л. Историческая география Золотой Орды в ХІІІ-ХІУ вв. М., 1985. Карта 1, 2.
Феннел Джон. Кризис средневековой Руси 1200-1304.- М.: Прогресс,1989.
мапа- кропкамі адзначана вобласць, якая не выплачвала даніны татарам.
1Старажытная беларуская літаратура. Мн.:Юнацтва,1996.